10.11.2019
“Творчасць пісьменніка-земляка Уладзіслава Іосіфавіча Нядзведскага”
Уладзіслаў Нядзведскі - аўтар каля дзясятка кніг прозы і паэзіі, але, на жаль, з моманту выхаду апошняй прайшло шмат гадоў. У сценах гімназіі ў 2001 годзе была адкрыта экспазіцыя, прысвечаная У.Нядзведскаму, а 20 красавіка 2005 года навучальная ўстанова атрымала імя У.І.Нядзведскага.
Каб больш даведацца пра творчы шлях свайго земляка, гімназія пачала рупліва збіраць успаміны тых, хто ведаў пісьменніка. Праз пэўны час многія буйныя пісьменнікі перабывалі ў Мікашэвічах. Іх сустрэчы з чытачамі аздабляюцца выставамі літаратуры, прэзентацыямі кніг, гістарычнымі аповедамі, дыспутамі пра каштоўнасці чалавечага жыцця, інсцэніроўкамі твораў. Пісьменнікі старэйшага пакалення далі магчымасць сабраць унікальныя ўспаміны пра Уладзіслава Нядзведскага. Ужо шмат гадоў прайшло з таго трагічнага дня, калі загінуў пісьменнік, таму важна было знайсці тых хто яго добра ведаў. Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Сяргей Законнікаў - калі б не іх аповеды пра Уладзіслава Нядзведскага, ніколі асоба пісьменніка не была б добра прадстаўлена землякам. Уладзімір Ліпскі, Уладзімір Скарынкін, Вольга Іпатава, Андрэй Мазько, Міхась Скобла, Анатоль Зэкаў - гэта не поўны пералік пісьменнікаў, якія наведалі гімназію і выказалі сваю шчырую ўдзячнасць за ўвагу да памяці свайго калегі.
У знак памяці мы стварылі і прапануем Вашай увазе віртуальную выставу “Творчасць пісьменніка-земляка Уладзіслава Іосіфавіча Нядзведскага”. Прадстаўленыя на выставе кнігі - гэта творы беларускага празаіка і паэта У.Нядзведскага на беларускай мове з фонду нашай бібліятэкі, усе без вынятку цікавыя і займальныя.
Чытайце па-беларуску! Ганарыцеся сваёй гістарычнай спадчынай!
Выстава адрасавана вучням сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, а таксама настаўнікам і іншым.
Каб праглядзець выставу, клікайце па малюнку i загрузіце архіў па спасылцы.